У апошні час увесь свет сочыць за выказваннямі Дональда Трампа. І не толькі таму, што ён — кіраўнік самай магутнай дзяржавы на планеце, але перш таму, што яго словы адносна Украіны, Еўропы і расійскай агрэсіі супраць Кіева выклікаюць непакой.
Выступаючы на сустрэчы ў Маямі, Трамп заявіў, што спыненне канфлікту паміж Расіяй і Украінай вельмі важнае, і абвінаваціў у яго пачатку і працягу Зяленскага ды былога прэзідэнта ЗША Джо Байдэна.
«Я люблю Украіну, але Зяленскі дрэнна справіўся, яго краіна разбураная, і мільёны людзей загінулі дарма — і гэта працягваецца», — сказаў Трамп. Паводле яго слоў, вайну немагчыма спыніць, калі не весці перамовы з абодвума бакамі, а «ўжо тры гады ніхто не размаўляе».
Трамп зноўку назваў Зяленскага «дыктатарам» і заявіў, што яго папулярнасць ва Украіне вельмі нізкая.
— Ён адмаўляецца праводзіць выбары. Зяленскі — дыктатар, які не праводзіць выбары. Яму трэба дзейнічаць хутчэй, інакш у яго не застанецца краіны. Ён павінен зрабіць крокі і зрабіць гэта тэрмінова, таму што вайна ідзе не ў тым кірунку. Усе прызнаюць, што толькі Трамп здольны завяршыць гэтую вайну.
Раней Трамп таксама называў Зяленскага дыктатарам, заявіўшы пры гэтым, што яго падтрымка сярод насельніцтва складае ўсяго 4%.
Аднак, як вынікае з сацыялагічнага даследавання, Зяленскага падтрымліваюць 57% грамадзян Украіны і не падтрымліваюць 37%. Дарэчы, падтрымка Зяленскага прыкладна ж такая, як і Трампа ў ЗША. Амерыканскі прэзідэнт таксама патрабаваў правядзення выбараў кіраўніка Украіны, аднак на дадезны момант гэты немагчыма, таму што ў дзяржаве ўведзенае ваеннае становішча, а паводле канстытуцыі Украіны, у ваенны час правядзенне выбараў прыпыняецца.
Уладзімір Зяленскі пасля першай атакі Трампа выказаўся наконт слоў амерыканскага прэзідэнта. Украінскі прэзідэнт зазначыў, што інфармацыя пра нібыта яго 4-працэнтую падтрымку — гэта выдумка расійскай прапагадны.
— Калі хтосці хоча мяне памяняць цяпер, то цяпер не выйдзе. Другая гісторыя… Калі мы гаворыць пра 4%, то мы ўжо бачылі гэтую дэзынфармацыю і мы разумеем, што яна ідзе з Расіі. І ў нас ёсць доказы, што гэтыя лічбы абмяркоўваюцца паміж Амерыкай і Расіяй. На жаль, прэзідэнт Трамп, — з вялікай павагай да яго як да лідара народу, які мы вельмі паважаем, гэта амерыканскі народ, які нас падтрымлівае, — на жаль, ён жыве ў гэтай дэзынфармацыйнай прасторы.
На словы Зяленскага хутка наступіла рэакцыя з амерыканскага боку. Прэзідэнту Украіны варта ўстрымацца ад рэзкіх публічных выказванняў у адрас прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, заявіў амерыканскі віцэ-прэзідэнт Джэй Дзі Вэнс. Паводле яго слоў, Зяленскі раней атрымаў «дрэнную параду» наконт таго, як узаемадзейнічаць з новай адміністрацыяй ЗША.
Сам Трамп таксама адрэагаваў на выказванне украінскага прэзідэнта.
«Зяленскі адмаўляецца ад правядзення выбараў, ён непапулярны ва ўкраінскіх апытаннях, адзінае, у чым ён быў добры, дык гэта ў тым, каб круціць папярэднім прэзідэнтам Джо Байдэнам, як ён хацеў. Дыктатару без выбараў, Зяленскаму лепш дзейнічаць хутчэй, інакш ад яго краіны нічога не застанецца», — напісаў Трамп.
Польскія палітыкі таксама адрэгавалі на выказванні Дональда Трампа. Старшыня Сейму Шыман Галоўня назваў словы Трампа «абсурднымі тэзісамі».
— Прэзідэнта Украіны выбіраюць украінцы, а не грамадзяне альбо прэзідэнт ЗША. Прэзідэнта Зяленскага падтрымлівае 57% грамадзян — гэта шмат.
Галоўня таксама выказаўся наконт слоў Трампа пра тое, што нібыта сама Украіна справакавала вайну. «Гэта тое ж самае, што казаць, што ў 1939 годзе Польшча справакавала немцаў», — сказаў старшыня Сейму. «Магчыма, словы Трампа вынікаюць з таго, што ён ніколі не быў у Бучы», — зазначыў Шыман Галоўня.
— Я быў у Бучы, бачыў відэа і здымкі. Я бачыў здымкі разарваных целаў, бачыў здымкі згвалтаваных дзяцей і бачыў здымкі пенсіянераў, якія ехалі па хлеб і былі расстраляныя альбо, скажу прама, зарэзаныя расійскімі фашыстамі. І можа таму я інакш гляджу на тое, што адбываецца. Я разумею, што на «Твітары» можна напісаць абсалютна ўсё, але ад адміністрацыі ЗША мы перш за ўсё чакаем рашэнняў, і пасля гэтага мы прымем свае рашэнні і будзем гэта каментаваць.
Дэпутат Сейму ад цэнтрысцкай «Грамадзянскай платформы» Гжэгаж Схэтына звяртае ўвагу на тое, што словы Трампа і прадстаўнікоў амерыканскай адміністрацыі ўпісваюцца ў расійскі наратыў.
— Я быў вельмі здзіўлены антыўкраінскімі выказваннямі. Спадзяюся, што гэта памылковая ацэнка сітуацыі амерыканскім бокам і што яны не будуць іграць па расійскім сцэнары, бо цяпер гэта так выглядае.
Дэпутат кансерватыўнай партыі «Права і справядлівасць» Збігнеў Кузьмюк звяртае ўвагу на тое, што ў пытанні Украіны Трампу ўдалося дасягнуць тое, чаго Еўропе не ўдалося цягам трох гадоў.
— Ён змусіў адміністрацыю Пуціна да перамоў. Цягам трох гадоў вайны лідары двух буйнейшых краін ЕС спрабавалі гэта рабіць, але ім не ўдалося. У дадзеным выпадку неабходна прымяняць розныя інструменты і нельга называць Пуціна ваенным злачынцам, адначасова запрашаючы яго на перамовы, хоць, вядома, ён — ваенны злачынца. Але, калі запрашаеш яго на перамовы, то ад гэтага пачынаць нельга.
Уладзіміра Зяленскага пасля нападаў на яго Трампа падтрымалі еўрапейскія лідары. Так, прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Кір Стармер у тэлефоннай размове з Зяленскім заявіў, што падтрымлівае яго як «дэмакратычна абранага прэзідэнта Украіны». У сваю чаргу канцлер Германіі Олаф Шольц назваў словы Трампа ў адрас прэзідэнта Украіны «няправільнымі і небяспечнымі».
Прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон заявіў у сацсетцы, што падзяляе мэту прэзідэнта ЗША па спыненні вайны. Ён таксама адзначыў, што Парыж падтрымлівае Украіну і кіеўская адміністрацыя павінна прысутнічаць за сталом перамоваў.
Валеры Саўко
слухайце аўдыёфайл